Морацкаму народнаму хору — 70

Усё пачалося ў далёкім 1946 годзе, калі 20 таленавітых юнакоў і дзяўчат з Морачы вырашылі выступіць у мясцовай школе перад землякамі.

Прыхільнікаў народнай песні слухачы спачатку не прынялі. Толькі калі загучала “Бульба”, у зале павісла цішыня – мелодыя зачаравала. Так нарадзіўся хор.

Спевакамі ніхто не кіраваў. Калектыў часта распадаўся.

Змены прыйшлі ў 1953 годзе, калі з арміі дэмабілізаваўся мясцовы юнак Яўген Абабурка. Ён вельмі любіў спяваць, меў арганізатарскія здольнасці, таму смела ўзяўся за стварэнне пастаянна дзеючага калектыву.

Праз год хор з поспехам выступіў на раённым свяце песні і працы ў Клецку, потым прыняў удзел у абласным аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці. З гэтага часу пачалася гастрольная дзейнасць. Марачане выступалі ў гарадах Мінскай і Брэсцкай абласцях. Усюды іх выступленне прымалася на “ура”.

Але артысты разумелі, што ім не хапае прафесіяналізму, таму за дапамогай звярнуліся да клецкага самадзейнага кампазітара Міхаіла Кашубы.

Потым на таленавіты хор звярнулі ўвагу заслужаны дзеяч мастацтваў БССР кампазітар Дзмітрый Лукас, артысты Віктар Бабачкін, Канстанцін Паплаўскі, Анатоль Бальцэвіч.

Сяброўства з гэтымі людзьмі прынясло калектыву значны рух наперад. Па ўспамінах 76-гадовай удзельніцы хору Марыі Мацейкі, ужо ў пачатку 60-ых гадоў слава пра морацкіх артыстаў ішла па ўсёй краіне.

– Спяваць у хоры для кожнага з нас было гонарам, – гаворыць Марыя Несцераўна. – Сюды прыходзілі сем’ямі – браты, сёстры, муж і жонка.

У другой маёй суразмоўцы Ніны Чарніковіч, якой 73 гады, у калектыве спяваў муж, цяпер выступае дачка Ірына.

Калі ў 1963 годзе хор атрымаў ганаровае званне “народны”, сталі ездзіць з канцэртамі па Савецкім Саюзе. Высокае майстэрства было пацверджана і Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Нашых землякоў запрашалі на беларускае тэлебачанне і радыё. Калектыў стаў жаданым госцем на ўсіх музычных рэспубліканскіх форумах.

 

Ад Яўгена да Яўгеніі
Сапраўднае прызнанне да Морацкага хору прыйшло тады, калі калектыў узначаліла Яўгенія Піліпеня – выпускніца Мінскага музычнага вучылішча імя Глінкі. У 1980 годзе яна прыйшла ў калектыў, якім потым кіравала 33 гады. Малады спецыяліст бачыла, што патрэбна абнаўляць склад і выводзіць самадзейных артыстаў на новыя межы. Адразу пачала супрацоўнічаць з мясцовымі кіраўнікамі. Дзякуючы гэтаму, у хор прыйшлі людзі розных прафесій. Хор набыў тую адметнасць і непаўторнасць, якая прыцягвае слухача і сёння.

У працоўнай кніжцы Я.Піліпеня адзіны запіс: “Кіраўнік народнага хору Морацкага сельскага дома культуры”. Калектыў стаў для жанчыны і сям’ёй, і жыватворнай крыніцай, адкуль яна чэрпала творчае натхненне. За асабісты ўклад ў развіццё беларускай культуры жанчына ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны.

– Гэты чалавек быў сапраўды ад Бога, – гаворыць дырэктар раённага цэнтра культуры Ірына Мінец. – Сціплая, таленавітая, мудрая, яна ўмела знайсці да кожнага падыход. З 15 гадоў я спявала ў хоры і была зачараваная Яўгеніяй Ніканаўнай. На рэпетыцыі ляцела на крылах. Калі яе не стала, узяла на сябе гэтую важную адказнасць – кіраваць калектывам. Усё, што было створана пры яе жыцці, і сёння захоўваецца. Мы не можам працаваць горш, тым больш разумеем, што хор носіць званне нашага настаўніка.

Дзень сённяшні
Морацкі народны хор сёння – гэта калектыў з 25 чалавек. Самаму старэйшаму ўдзельніку Сафіі Рэпіч – 67 гадоў, самаму маладому – Веры Сіняковай 22 гады.

Усе артысты, нягледзячы на розны ўзрост, добра ладзяць між сабою і лічаць сябе сваякамі.

Падтрымліваюць творчы калектыў і самыя старэйшыя спявунні – Соф’я Рамашка,Марыя Цыган, Ніна Чарніковіч, Марыя Мацейка. Пры хоры яны стварылі свой вакальны гурт і паспяхова выступаюць на раённых і мясцовых сцэнах.

Хор пастаянна прымае ўдзел у абласных, рэспубліканскіх і міжнародных аглядах, конкурсах, фестывалях. Кожны раз ён прыязджае з перамогамі. У рэпертуары землякоў больш за 30 твораў. Гэта народныя песні, шэдэўры беларускіх і расійскіх аўтараў, але ўсё ж пераважаюць мелодыі нашай мясцовасці ў апрацоўцы Уладзіміра Снарскага – дырэктара Морацкага СДК.

Ён жа ў дадатак з’яўляецца і кампазітарам, які піша тэксты і музыку для харавікоў і акампануе ім.

15 жніўня гэтага года ў біяграфіі калектыву пачаліся новыя змены: прыйшоў новы кіраўнік – выпускніца харавога аддзялення Баранавіцкага музычнага вучылішча, жыхарка горада Клецка Юлія Крыцук. Удзельнікі хору спадзяюцца, што творчая і маладая энергія лідэра прынясе ў капілку аматараў народнай песні новыя ноткі натхнення.

 

Калектыў-спадарожнік
Каб рухацца наперад і не страціць творчай асаблівасці, у 1993 годзе Яўгенія Ніканаўна Піліпеня вырашыла стварыць дзіцячы ансамбль народнай песні “Марачаначка”. Ужо праз чатыры гады творчы калектыў юных марачан атрымаў ганаровае званне “узорны”. У ліпені 2015 года ансамбль стаў удзельнікам міжнароднага маладзёжнага форуму у горадзе Байройт. Беларускія народныя песні прыйшліся даспадобы нямецкай публіцы. Іх выступленні праходзілі пад несціхаючыя апладысменты.

Праз год “Марачаначка” стала лаўрэатам І ступені абласнога фестывалю “Калыска талентаў”, а потым атрымала гран-пры.

Два гады назад ансамбль прывёз такую ж узнагароду з абласнога фестывалю “Напеў зямлі маёй”.

Дзеці ва ўзросце ад 10 да 16 гадоў з задавальненнем наведваюць калектыў, таму што з замілаваннем глядзяць на сваіх бабуль і бацькоў, якія адданы сэрцам роднай старонцы і яе непаўторным мелодыям.

Поделиться ссылкой: